суббота, 26 сентября 2015 г.

Бацькаў цвік



 Прысвячаецца ўдзельніку Вялікай Ай­чыннай вайны, роднаму бацьку Васілю Фамічу ды ветэранам вёскі Галоўчыцы Драгічынскага раёна у дзень радаснага хрысціянскага свята – Вялікадня (Пасхі) 12 красавіка 2015 года.

Мікола
Панасюк
г. Брэст

  









Антопаль, Вулька,
Навасёлкі –
Куточак любы, дарагі.
Тут на паўнеба аж вясёлкі
Ды Днепрабуга берагі…
Лячу на крылах да Галоўчыц
Буслом у цёплае гняздо –
Адкуль вясна у лета крочыць,
Вітае сонцам родны дом.
Наш брат Васіль
тут на Вялікдзень
Чакае з горада братоў,
Утульна ў хаце,
бы ў дзяцінстве,
Спакой не рушыць аніхто.
Клаў бацька сцены
роднай хаты –
Наш паважаны франтавік.
I тым ужо сыны багаты,
Бо моцны ў іх ад бацькі цвік.
Дайшоў Фаміч
аж да Берліна –
Гарыць хай зорка на сцяне!
Вітае клін нас жураўліны –
Хвала і бацьку, і вясне!
Хвала сынам усім Айчыны
За мір і шчасце на Зямлі.
Мы дзверы ў родны дом
адчынім,
Ляцелі б толькі жураўлі…
У дзень
шчаслівы для Радзімы…
О, як спяшаліся мы ў горад
Ад родных хат, ад родных ніў!
Спазнала наша вёска гора –
Была ў нястачы ды ў агні.
Сцяжынкі ў вёску зарасталі
Ад тых чыгуначных дарог,
Казалі нам, што гэта Сталін
Ад здзекаў вёску не збярог.
Ды самі ж мы на дзверы хаты
Як часта вешалі замок,
Быў толькі нехта вінаваты,
Што ўраджай пад ліўнем мок.
Куткі цяплейшыя шукалі,
Каб адарвацца ад зямлі.
Цяпер на сэрцы цяжкі камень –
Як шмат чаго не збераглі.
Як мала ў вёсцы немаўлятак,
Даўно заціхла талака.
Знайшлі мы ў горадзе занятак,
Згубілі рэчку з малака...
Без люду вёсачкі наўкола,
У хатах – ціша, скразнякі.
Чакае вучняў наша школа:
Суровы час цяпер які…
Ды будзем верыць, што часова
Сумуе вёска без дзяцей,
Што розум, мудрасць,
наша слова
У хаты вернуць светлы дзень.
Адновім разам мы сядзібы,
Што здзірванелі ад нуды.
I ў дзень
шчаслівы для Радзімы
Пасадзім новыя сады.

Вітае сонцам родны дом



Мікола
Панасюк
г. Брэст  












Між вёсак
казачны куток…
Жыхарам вёскі Галоўчыцы Драгічынскага раёна прысвячаецца.
З маленства сняцца хутары –
Між вёсак казачны куток,
I першы радасны парыў –
Спазнаць жыцця ў ім глыток…
Таптаў сцяжынкі да крыніц
У спёку з бацькам між балот,
Ды слухаў грукат навальніц,
З ім – зерня першы намалот.
Пякла матуля смачны хлеб,
Найперш яе мой дзед хваліў,
Казаў: “Пакуль я не аслеп,
Аратым буду нашых ніў”.
Араў дзед спраўна – баразна
Яго падоўжыла гады,
Хвароб ніколі ён не знаў,
Ад працы – ліха і бяды.
Згараў у ёй заўсёды гнеў,
Нібыта шышкі у агні.
Так дзед у клопатах мужнеў,
Бярог для кроны карані…
Мой першы верш
Сярод асін, бяроз і ліп
Здаля віднеўся хаты дах…
З касой на золку дзед Піліп
Спяшаў на луг, як ранні птах.
Ён клаў касой траву ў пракос,
Бо дбаў пра нас усіх найперш.
А я стаяў сярод бяроз −
Пісаў пра дзеда першы верш.
Ляглі пракосы... у радкі,
Так хутар родны вершам стаў.
Даўно мужык я гарадскі,
Ды след губляю сярод траў.
Між іх зацішна на душы,
Прывабней казачны ўспамін:
Тут дзед Піліп калісьці жыў
Між вёсак, ніў і каляін!..
Жаданы ў вёсцы сенавал…
Пасля дарог, пасля навал −
Гадоў шчаслівых і тугі –
Жаданы ў вёсцы сенавал,
Парог бацькоўскі дарагі.
Зноў сняцца хутар, дзед Піліп
Ды брод з аерам паміж лоз…
I шум бяроз ды іў усхліп
Кранаюць згадкамі да слёз.
Даўно не кліча ў спёку брод,
Цяплом не вее з каляін,
У нашых вёсках недарод
На дзетак, маці-гераінь…
Пашлі, пашлі, нам, Божа, цуд –
Буслоў з мяхамі немаўлят,
Няхай наш ціхі любы кут
Зазвоніць святамі Каляд!
Ды ў хаце праўнук скажа тост:
За слаўных нашых хутаран!
Хай вёска ўстане ў поўны рост −
Вайны не ведае ды ран…
Краін заморскіх
не шукайце…
У роднай вёсцы адпачынак –
Пасярод клёнаў ды бяроз.
Iнакш тут проста немагчыма –
Ад шчасця-радасці падрос!
Знайшоў я след на бацькаў хутар
Між траў, аеру ды ракіт.
Туман яго ў дзяцінстве хутаў
Ды клаўся ў верш нябёс блакіт.
Канал пакінуў экскаватар,
Так полем стаў квяцісты луг.
А дзе стаяла наша хата,
Араў зямлю калгасны плуг.
А мне ўсё мроіцца з дзяцінства
З касою бацька, побач дзед…
Ніхто не здзівіць
больш гасцінцам,
У першы клас не адвядзе.
Цяпер фарбую сцены хаты,
Што бацька з маці збудаваў.
Шукаю ліпы ў тры абхваты,
Табун кароў на пашы, стаў…
Не так было... Ды сонца тое ж
Па-над палеткам, як раней.
Улетку тут у травах тонеш –
Ніхто злым словам не кране...
Які прастор за Днепрабугам,
Якое возера, паром!
Ды ўжо не крочыць вёска
з плугам,
Грукоча толькі ўлетку гром.
Iмчыць аўтобус па асфальце,
Да вёскі туліцца чарот...
Краін заморскіх не шукайце,
Бо ў нашых хатах недарод…