суббота, 26 сентября 2015 г.

Вітае сонцам родны дом



Мікола
Панасюк
г. Брэст  












Між вёсак
казачны куток…
Жыхарам вёскі Галоўчыцы Драгічынскага раёна прысвячаецца.
З маленства сняцца хутары –
Між вёсак казачны куток,
I першы радасны парыў –
Спазнаць жыцця ў ім глыток…
Таптаў сцяжынкі да крыніц
У спёку з бацькам між балот,
Ды слухаў грукат навальніц,
З ім – зерня першы намалот.
Пякла матуля смачны хлеб,
Найперш яе мой дзед хваліў,
Казаў: “Пакуль я не аслеп,
Аратым буду нашых ніў”.
Араў дзед спраўна – баразна
Яго падоўжыла гады,
Хвароб ніколі ён не знаў,
Ад працы – ліха і бяды.
Згараў у ёй заўсёды гнеў,
Нібыта шышкі у агні.
Так дзед у клопатах мужнеў,
Бярог для кроны карані…
Мой першы верш
Сярод асін, бяроз і ліп
Здаля віднеўся хаты дах…
З касой на золку дзед Піліп
Спяшаў на луг, як ранні птах.
Ён клаў касой траву ў пракос,
Бо дбаў пра нас усіх найперш.
А я стаяў сярод бяроз −
Пісаў пра дзеда першы верш.
Ляглі пракосы... у радкі,
Так хутар родны вершам стаў.
Даўно мужык я гарадскі,
Ды след губляю сярод траў.
Між іх зацішна на душы,
Прывабней казачны ўспамін:
Тут дзед Піліп калісьці жыў
Між вёсак, ніў і каляін!..
Жаданы ў вёсцы сенавал…
Пасля дарог, пасля навал −
Гадоў шчаслівых і тугі –
Жаданы ў вёсцы сенавал,
Парог бацькоўскі дарагі.
Зноў сняцца хутар, дзед Піліп
Ды брод з аерам паміж лоз…
I шум бяроз ды іў усхліп
Кранаюць згадкамі да слёз.
Даўно не кліча ў спёку брод,
Цяплом не вее з каляін,
У нашых вёсках недарод
На дзетак, маці-гераінь…
Пашлі, пашлі, нам, Божа, цуд –
Буслоў з мяхамі немаўлят,
Няхай наш ціхі любы кут
Зазвоніць святамі Каляд!
Ды ў хаце праўнук скажа тост:
За слаўных нашых хутаран!
Хай вёска ўстане ў поўны рост −
Вайны не ведае ды ран…
Краін заморскіх
не шукайце…
У роднай вёсцы адпачынак –
Пасярод клёнаў ды бяроз.
Iнакш тут проста немагчыма –
Ад шчасця-радасці падрос!
Знайшоў я след на бацькаў хутар
Між траў, аеру ды ракіт.
Туман яго ў дзяцінстве хутаў
Ды клаўся ў верш нябёс блакіт.
Канал пакінуў экскаватар,
Так полем стаў квяцісты луг.
А дзе стаяла наша хата,
Араў зямлю калгасны плуг.
А мне ўсё мроіцца з дзяцінства
З касою бацька, побач дзед…
Ніхто не здзівіць
больш гасцінцам,
У першы клас не адвядзе.
Цяпер фарбую сцены хаты,
Што бацька з маці збудаваў.
Шукаю ліпы ў тры абхваты,
Табун кароў на пашы, стаў…
Не так было... Ды сонца тое ж
Па-над палеткам, як раней.
Улетку тут у травах тонеш –
Ніхто злым словам не кране...
Які прастор за Днепрабугам,
Якое возера, паром!
Ды ўжо не крочыць вёска
з плугам,
Грукоча толькі ўлетку гром.
Iмчыць аўтобус па асфальце,
Да вёскі туліцца чарот...
Краін заморскіх не шукайце,
Бо ў нашых хатах недарод…


Комментариев нет:

Отправить комментарий